Як было напiсана першае пiсьмо

Даўным-даўно, яшчэ ў каменным веку, жыў ды быў адзiн чалавек. Быў ён чалавек першабытны, жыў у пячоры i насiў вельмi мала апратак. Нi чытаць, нi пiсаць ён не ўмеў — ды i не хацелася яму нi чытаць, нi пiсаць, — i, пакуль ён быў сыты, ён быў шчаслiвы. Звалi яго Цегумай Бопсулай, а гэта азначае: Чалавек-ногi-якога-нiколi-не-спяшаюцца, але мы, любенькi хлопчык, будзем называць яго проста Цегумай, каб было карацей. У яго была жонка, i звалi яе Цешумай Тэвiндра, а гэта азначае: Жанчына-якая-задае-занадта-многа-пытанняў, але мы, любенькi хлопчык, будзем называць яе проста Цешумай, каб было карацей. I была ў яго маленькая дачка, якую звалi Тафамай Металумай, а гэта азначае: Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна-такая-гарэзн
iца, але буду называць яе проста Тафi. Цегумай Бопсулай вельмi любiў яе, i мама вельмi любiла яе, i яны давалi ёй плескачоў куды больш рэдка, чым трэба, i ўсе трое былi задаволеныя i шчаслiвыя.
Як толькi Тафi навучылася хадзiць, яна пачала бегаць усюды за сваiм бацькам Цегумаем, i, бывала, яны абое датуль не прыходзяць у пячору, пакуль iм не захочацца есцi. I тады Цешумай Тэвiндра казала:
— Дзе гэта вы прападалi i гэтак страшэнна выпэцкалiся? Сапраўды, мой Цегумай, ты анi не лепшы за маю Тафi.
А цяпер, любенькi хлопчык, слухай мяне, i слухай уважлiва!
Неяк раз Цегумай пайшоў па балоце, на якiм вадзiлiся бабры, i выйшаў да ракi Вагай, каб сваёй вострай дзiдай набiць на абед карпаў. Тафi пайшла разам з iм. Дзiда ў яго была драўляная, з наканечнiкам з зубоў акулы. I толькi ён узяўся паляваць, як дзiда зламалася папалам: занадта моцна ён тыцнуў ёю ў дно ракi, калi цаляў у рыбiну. Што рабiць? Iсцi дадому — далёка (снеданне яны, вядома, узялi з сабою ў торбачцы), а запасной дзiды ў Цегумая не было. Запасную дзiду ён забыўся ўзяць.
— Рыбы ажно кiшыць, — сказаў ён, — а каб адрамантаваць дзiду, мне спатрэбiцца цэлы дзень.
— У цябе ж ёсць другая дзiда! — сказала Тафi. — Такая вялiкая i чорная. Хочаш, я збегаю ў пячору i папрашу яе ў мамы?