Кот, якi гуляў сам сабою

Слухай, мой мiлы хлопчык, слухай, удумвайся, разумей, бо гэта здарылася, бо гэта адбылося, бо гэта было яшчэ ў той далёкi час, калi Ручныя Жывёлы былi Жывёламi Дзiкiмi.
Сабака быў дзiкi, i Конь быў дзiкi, i Карова была дзiкая, i Авечка была дзiкая, i Свiння была дзiкая — i ўсе яны былi дзiкiя-дзiкiя i дзiка блукалi па Мокрых i Дзiкiх Лясах.
Але сама дзiкiм быў Дзiкi Кот — ён бадзяўся дзе ўздумаецца i гуляў сам сабою.
Чалавек, зразумела, быў таксама дзiкi, страшэнна дзiкi, жахлiва дзiкi. I нiколi б яму не зрабiцца ручным, каб не Жанчына. Гэта яна сказала яму — пры першай сустрэчы, — што ёй не падабаецца яго дзiкае жыццё. Яна хутка адшукала яму для жылля ўтульную, сухую Пячору, бо спаць у Пячоры было куды лепш, чым валяцца пад адкрытым небам на кучы сырога лiсця. Яна пасыпала падлогу чыстым пясочкам i расклала ў глыбiнi Пячоры добрае вогнiшча.
Потым яна павесiла каля ўвахода ў Пячору шкуру Дзiкага Каня хвастом унiз i сказала Мужчыне:
— Выцiрай, любы, ногi, як будзеш уваходзiць: цяпер у нас, бачыш, гаспадарка.
У гэты вечар, мой мiлы хлопчык, яны вячэралi дзiкай авечкай, засмажанай на распаленых камянях, прыпраўленай дзiкiм часнаком i дзiкiм перцам. Потым яны з’елi дзiкую качку, начыненую дзiкiм рысам, дзiкай травою i дзiкiмi яблыкамi; потым храсточкi дзiкiх быкоў; потым дзiкiя вiшнi i дзiкiя гранаты. Потым Мужчына, вельмi шчаслiвы, пайшоў i заснуў каля агню, а Жанчына села чараваць: яна распусцiла валасы, узяла плечавую барановую костку, вельмi плоскую i вельмi гладкую, i пачала пiльна ўглядацца ў разводы, якiя праходзiлi па костцы. Потым яна падкiнула дроў у агонь i зацягнула песню. Гэта было Першае ў свеце Чараўнiцтва, Першая Чараўнiчая Песня.
I сабралiся ў Мокрым i Дзiкiм Лесе ўсе Дзiкiя Звяры; збiлiся ў адзiн статак i глядзелi на святло агню, не ведаючы, што гэта такое.
Але вось тупнуў нагой Дзiкi Конь i дзiка сказаў:
— О мае Прыяцелi! О мае Непрыяцелi! Чуе сэрца маё: не на дабро засвяцiлi Мужчына i Жанчына ў вялiкай Пячоры вялiкi агонь. Не, гэта не на дабро!