Казка пра старога Кенгуру

Не заўсёды Кенгуру быў гэтакi, як цяпер, а быў ён Iнакшы — Маленькi i на чатырох нагах. Ён быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы. Ён скакаў па камянiстых пагорках у самай сярэдзiне Аўстралii i аднойчы з’явiўся перад Малодшым Богам па iменi Нка.
З’явiўся ён да Нка ў шэсць перад снеданнем i кажа:
— Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.
Усхапiўся Нка са свайго пясочнага трона i закрычаў:
— Iдзi прэч!
А Кенгуру быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы: ён паскакаў на скалiстым выступе ў самай сярэдзiне Аўстралii i падаўся да Сярэдняга Бога Нкiнга.
З’явiўся ён да Нкiнга ў восем пасля снедання i кажа:
— Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн i каб мяне ведалi ўсюды, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.
Выскачыў Нкiнга са сваёй нары ў гушчары i закрычаў:
— Iдзi прэч!
А Кенгуру быў шэры i калматы i страшэнна фанабэрлiвы: ён паскакаў на пясчанай водмелi ў самай сярэдзiне Аўстралii i падаўся да Старшага Бога Нконга.
З’явiўся ён да Нконга ў дзесяць яшчэ да абеду i кажа:
— Зрабi мяне непадобным на ўсiх астатнiх жывелiн i каб мяне ведалi ўсюды i ўвесь час за мною ганялiся, ды не пазней як да пяцi гадзiн дня.
Выскачыў Нконг са сваёй ванны ў саляным азярцы i закрычаў:
— Хай будзе па-твойму!
Паклiкаў Нконг Дынга — Жоўтага Сабаку Дынга, вечна галоднага i вельмi запыленага, што было прыкметна на сонцы, — i паказаў яму на Кенгуру. I Нконг сказаў:
— Дынга! Прачнiся, Дынга! Ты бачыш гэтага скакуна каля кручы? Ён хоча, каб яго ведалi ўсюды i ўвесь час за iм ганялiся. Выканай яго жаданне, Дынга!
Усхапiўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга — i спытаў:
— Вось гэтага — не то ката, не то труса?
I рвануўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўлянай чорнай зяпай, падобнай на вядзерца для вугалю, — i рынуўся на Кенгуру.
А фанабэрлiвы Кенгуру кiнуўся наўцекi на ўсiх сваiх чатырох лапах, быццам якое-небудзь трусяня.
На тым, мой любенькi, i канчаецца першая частка гiсторыi!
Кенгуру бег па пустынi; ён бег цераз горы; бег цераз высахлыя саляныя азёры; бег праз чараты; бег праз зараснiкi эўкалiптаў; бег праз калючыя хмызнякi; бег, пакуль у яго не забалелi пярэднiя лапы.