Адкуль узялiся браняносцы

Мiлы хлопчык, я зноў раскажу табе казку пра Далёкiя i Даўнiя Часы. Жыў тады Злючка-Калючка Вожык. Жыў ён на мутнай рацэ Амазонцы, еў слiмакоў i розную драбязу. I была ў яго сяброўка, Чарапаха Няспешная, якая таксама жыла на мутнай рацэ Амазонцы, ела розную драбязу i зялёную салату. Усё iшло добра, цi ж няпраўда, мiлы хлопчык?
Але ў тую самую пару, у Далёкiя i Даўнiя Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямiсты Ягуар. Ён еў усё, што яму ўдасца злавiць. Не ўдасца злавiць аленя ён з’есць малпу; не ўдасца злавiць малпу — з’есць лягушку цi казюльку. А ўжо калi няма нi лягушак, нi казюляк — ён iдзе да сваёй мацi Ягуарыхi, i тая растлумачвае яму, як трэба лавiць чарапах i вожыкаў.
Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, мацi навучала яго:
— Калi, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кiнь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калi знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.
I ўсё iшло добра, мой мiлы хлопчык.
Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямiсты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык i Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглi, i вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо iнакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногi i галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.
Усё iшло як трэба, мiлы мой хлопчык, цi ж няпраўда?
— Слухайце мяне ўважлiва! — сказаў Плямiсты Ягуар. — Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялiкае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калi я ўбачу Вожыка, я павiнен кiнуць яго ў ваду, i тады ён сам сабою выпрастаецца, а калi я ўбачу Чарапаху, я павiнен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык, — клянуся маiмi плямамi, не ведаю!
— Цi добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? — спытаў Злючка-Калючка Вожык. — Цi не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калi ты выпрастаеш Чарапаху, ты павiнен выдрапаць яе з вады, а калi ты зловiш Вожыка, ты павiнен кiнуць яго на панцыр?
— Цi добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? — спытала Чарапаха Няспешная. — Цi не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калi ты змочыш вадою Вожыка, ты павiнен падрапаць яго лапай, а калi сустрэнеш Чарапаху, ты павiнен падкiнуць яе, каб яна выпрасталася?